Экспазіцыя "Быт і культура нашых продкаў"

Экспазіцыя “Быт і культура нашых продкаў”
         Экспазіцыя дапамагае ўявіць, як  жылі нашы продкі.  Самае ганаровае месца ў хаце – покуць. Тут вісіць абраз, упрыгожаны ўзорным ручніком. За абразамі трымалі  бутэлечку са свянцонай вадою - лекамі ад розных хвароб, тут жа захоўвалі галінкі асвечанай вярбы. На сценах – карціны, вышытыя крыжыкам і гладдзю. Раней амаль усе дзяўчаты і жанчыны добра вышывалі. Вышыўку можна было ўбачыць на кашулях, фартухах, карунках, ручніках, пасцельнай бялізне. У Беларусі вядома больш за 100 спосабаў і відаў вышыўкі.
Ложак, якому больш за сто гадоў, засланы саматканым дываном з падузорнікам. На падушках – вышытыя яркія накідкі. На падлозе ляжаць ходнікі, зробленыя працавітымі рукамі. Побач з ложкам падвешана да столі калыска, у якой спала немаўля. Ніводная маці не дазваляла  гайдаць калыску, калі ў ёй няма дзіцяці: лічылі,  што гэта вядзе да смерці малога.
Тут жа знаходзіцца куфар, у якім захоўвалі адзенне і шмат чаго іншага. Іх звычайна было два. Самае лепшае і дарагое захоўвалі ў куфры, які стаяў у хаце, а горшае адзенне – у другім, што быў у каморы. У куфры было адведзена месца для ўрыгожванняў: тут захоўвалі пярсцёнкі, завушніцы. Было ў куфры і аддзяленне, якое называлі прыскрынкам. Тут звычайна складвалася вопратка для пахвання. А яшчэ ў куфры дзяўчаты захоўвалі свой пасаг. Куфры звычайна былі вялікія.

Радасць і задавальненне нашы продкі знаходзілі ў песнях, танцах, музыцы. “Умела б танцаваць, а рабоце гора навучыць,” – гаворыцца ў беларускай прыказцы. У музеі маецца патэфон з пласцінкамі, радыёла. Прадстаўлены друкаваныя выданні – творы мастацкай і рэлігійнай літаратуры, якія датуюцца мінулым стагоддзем.

Комментариев нет:

Отправить комментарий