Экспазіцыя "Лён любіць паклон"

Экспазіцыя “Лён любіць паклон”

         Асноўнай сыравінай для вырабу тканіны ў беларусаў быў лён. Яго вырошчвалі ў кожнай сялянскай гаспадарцы. Усё рабілася ўручную. Экспанаты дапамагаюць лепш уявіць працэс апрацоўкі льну.
Многа прыкмет было звязана з пасевам ільну. Лічылі, што сеяць лён лепш у пятніцу ці ў суботу. У панядзелак не сеялі – цяжкі дзень, аўторак – будзе благі  ўсход, серада – злы дзень – валакно будзе жорсткім, чацвер – будуць пападаць чарвякі. Каб лён рос чыстым, на Вялікдзень не мялі падлогу.
Рвалі лён у другой палове жніўня. Вырваны лён звязвалі ў снапы і ставілі ў кучкі. Пасля аддзялялі галоўкі ад сцёблаў: абівалі ці абрывалі. Для гэтага выкарыстоўвалі пранік ці драчак – знешне нагадвае матыку з зубамі –лёзамі.
Затым ільняную саломку вымочвалі ў вадзе 3-6 тыдняў у залежнасці ад надвор’я. Падабраны лён ставілі ў вялікія кулі, потым высушвалі і пачыналі мяць (церці) пры дапамозе мялкі (церніцы).
Валакно трапалі, г.зн. ачышчалі ад кастрыцы, траплом. Затым часалі драўлянымі ці металічнымі грэбнямі. Атрыманы кужаль скручвалі ў куклачкі ці плялі ў косы і захоўвалі да прадзення. Прадзенне – ператварэнне валакна ў нітку. Пралі ад лістапада да сакавіка. Для гэтага выкарыстоўвалі калаўрот.
У якасці фарбаў для пражы выкарыстоўвалі расліны.
Пасля з пражы ткалі палатно. Амаль у кожнай хаце быў ткацкі станок. Кожная вясковая дзяўчына павінна была ўмець ткаць і прасці.  У сялянскіх сем’ях дзяўчынак з 7 гадоў гадоў вучылі прасці, а да 15 гадоў яны ўжо ўмелі ткаць і рыхтавалі сабе пасаг. 








Комментариев нет:

Отправить комментарий