Экспазіцыя "Чалавек славіцца працай"

Экспазіцыя "Чалавек славіцца працай"
            
     Дабрабыт нашых продкаў залежаў ад сабранага ўраджаю. Дзень пачынаўся   з узыходам сонца і заканчваўся, калі сонца заходзіла. Аралі, баранавалі, сеялі збожжа, сярпамі жалі, малацілі цапамі на таку. Ураджай захоўвалі ў гумнах. Малолі зерне па меры неабходнасці. Для гэтага выкарыстоўвалі каменныя жорны.
Галоўны экспанат – печ. Яна звычайна была вялікая і займала палову памяшкання. І менавіта каля ішло жыццё. Палілі ў печы раніцай, гатавалі і снеданне, і абед. Варылі ежу ў чыгунках. У такіх печах нашы прабабулі самі выпякалі хлеб.  У куце (інакш – качарэжніку) можна ўбачыць качаргу, чапялу і вілы для чугуноў. Усё гэта павінна было быць пад рукой у гаспадыні. Зімой на печы любілі пагрэцца і адпачыць і дарослыя, і дзеці. Там жа ноччу і спалі. У падпечак на зіму заганялі курэй, таму што хлявы былі халоднымі.
Побач на паліцы захоўвалі міскі, слоікі, лыжкі, збаны. Глiняны посуд i сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале. А ў нашых прашчураў глiняныя вырабы былi на любы густ, для розных патрэб. У збанах  звычайна трымалi малако: доўга не скiсае, а ў гарачыню – халоднае. Тут жа можна ўбачыць і бойку, у якой білі масла.
У кожнай гаспадарцы было цэлае сямейства кашоў, старых i новых, вялiкiх i малых. Без iх, лёгкiх i зручных, не абыходзiлiся нi дарослыя, нi дзецi. У вялікіх кашах з  плеценымі вечкамі захоўвалі сушаныя каўбасы, паляндвіцы, кумпякі.
Асвятлялася хата лямпай, у якую залівалі керасін.



Комментариев нет:

Отправить комментарий